Сады пры манастырах: подых мінулага
Манастырскае садаводства бярэ свой пачатак ад моманту стварэння манастыроў і надзялення іх зямельнай уласнасцю. Разам з гэтым традыцыя садоўніцтва ў розных ордэнах адрозніваецца.
Ад пачатку гісторыі ордэнаў вялікія зямельныя ўладанні існавалі пры кляштарах бенедыктынцаў. Гэтыя манастыры мелi абавязак поўнага самазабеспячэння, а манахі, якія ўступалі ў манастыр, – абавязак пастаяннага месцазнаходжання. Такім чынам, кляштар станавіўся самастойнай гаспадарчай адзінкай. У статутах ордэнаў бенедыктынцаў і цыстэрцыянцаў адзначалася: “Кляштар каб быў пабудаваны такім чынам, каб усё, што неабходна, гэта значыць вада, млын, сад, было пасярэдзіне кляштару і каб былі там практыкаваныя розныя рамёствы”. Першапачаткова апрацоўкай зямлі займаліся самі манахі. Вядомы і ордэнскі выраз са статуту бенедыктынцаў: “Оra et labora” – “Малітва і праца”. У манастырах эрэміцкіх ордэнаў (напрыклад, картузіянцаў) кожная келля мела выхад ва ўласны дворык, дзе манахі высаджвалі разнастайныя расліны на ўласны густ. У сваю чаргу, ордэнам, якія ствараліся пазней, так званым “жабрачым” – дамініканцам, францысканцам, кармелітам, – манахі якіх не мелі абавязку пастаяннага месцазнаходжання і пераводзіліся з кляштара ў кляштар, першапачаткова забаранялася мець зямельную ўласнасць, і яны жылі з міласціны. Аднак з развіццём гэтых ордэнаў і павелічэннем колькасці іх членаў гэтая забарона была знята, і яны таксама пачалі весці гаспадарчыя справы, звязаныя з разнастайнай па форме апрацоўкай зямлі.
Сады ствараліся з рознымi мэтамi: для малітвы, канцэнтрацыі, размоваў, сузірання таго прыгожага, што стварыў Бог, гаспадарчай дзейнасці і г.д. Узнікненне садоў пры кляштарах у спалучэнні з архітэктурай касцёлаў і будынкаў манастыроў было звязана і з ідэалогіяй раю на зямлі. Для шэрагу ордэнаў праца ў садзе была адной з форм рэлігійнай кантэмпляцыі – сузірання. Акрамя гэтага, сад, агарод і поле, якія існавалі пры кляштары, дазвалялі не толькі развіваць садоўніцтва, але і атрымліваць новыя гатункі садавіны і гародніны, а таксама практыкаваць новыя метады вядзення сельскай гаспадаркі.
Дакументальна зафіксаваная традыцыя манастырскіх садоў сягае Высокага Сярэднявечча і манастыроў бенедыктынцаў у Монтэ- Касіна і Клюні (XI ст.), цыстэрцыянцаў у Францыі (XII ст.). Кляштарныя сады апісваюцца не толькі ў гістарычных дакументах, але і ў мастацкай літаратуры. У Сярэднявеччы выдзеліліся некалькі відаў кляштарных садоў. Сярод іх былі: медыцынскі сад (Hortus medicus) – размяшчаўся непасрэдна пры доме лекара для культывацыі лекавых раслін, меў выгляд звычайных градак невялікіх памераў, на якіх вырошчваўся базілік, шалфей, руты, канваліі (ландышы), мята, размарын, кроп, кмен, чабор і інш.; шпітальныя сады – для хворых.
Рэлігійная сімволіка садоў
Унутраныя сады (вірыдажы, размяшчаліся ва ўнутранай прасторы манастыра) – былі найбольш аздобнымі. Манастырскі сад лічыўся ўвасабленнем біблейскага Эдэму. У сувязі з гэтым сфарміравалася пэўная традыцыя арганізацыі прасторы саду. Яго форма часцей за ўсё была простай геаметрыі. Унутраны сад у форме круга сімвалізаваў абсалют і разумеўся як адзін з боскіх атрыбутаў. Трохкутнік атаясамляў самаго Творцу і таму рэдка выкарыстоўваўся ў арганізацыі сада. Часцей за ўсё выбіралася форма квадрата – сімвала справядлівасці і пастаянства. Чатыры бакі сада сімвалізавалі чатыры ракі раю, чатырох евангелістаў. Расліны і іх колер таксама мелі сваё значэнне і сімволіку. Белы колер азначаў чысціню і нявіннасць, блакітны – неба і, гэтаксама як і белы, чысціню.
Жоўты з’яўляўся колерам золата і ўвасабляў боскае, а фіялетавы – мукі Ісуса Хрыста. Форма кветак таксама мела значэнне: напрыклад, гваздзікі былі сімвалам мукі Хрыста і цвікоў, якімі яго ўкрыжавалі. Марыйнымі (прысвечанымі Дзеве Марыі) кветкамі традыцыйна лічыліся ружы, белыя лілеі, нарцысы, але ў першую чаргу – каралеўскія півоні. Вырошчваліся і лекавыя расліны, якія сімвалізавалі прабачэнне і аздараўленне: касачы, шалфей, мята.
На беларускіх землях пік заснавання манастыроў і надзялення іх зямельнай уласнасцю прыходзіцца на XVII – XVIII стст. Зямлю мелі як кляштары, так і парафіяльныя і філіяльныя касцёлы, біскупствы і асобныя прадстаўнікі духавенства. Зямельныя ўгоддзі былі разнастайнымі: палі, лясы, вадаёмы, сенажаці. Садаводства з’яўлялася адным з элементаў зямельных уладанняў, на які, аднак, асабліва не разлічвалі, паколькі большая неабходнасць існавала ў збожжы, тэхнічных культурах, лесе і развіцці жывёлагадоўлі. Садоўніцтва было адным з элементаў самазабеспячэння кляштара і часткова скіравана на яго дадатковы прыбытак.
Можна выдзеліць некалькі відаў садоў, якія сфарміраваліся ў выніку жыццядзейнасці кляштараў на беларускіх землях: дэкаратыўныя, гаспадарчыя, батанічныя (пры кляштарных школах).
Дэкаратыўная сады
Гэта былі невялікія сады непасрэдна пры будынках манастыроў, якiя выконвалі таксама і харчовую функцыю. У выпадку кляўзуровых (закрытых) манастыроў фарміраваўся тып унутранага невялікага дэкаратыўнага сада, падобнага да рымскага cavum medium – маленькага сада, што знаходзіўся ў перыстылі – прамавугольным двары або садзе, абнесеным крытай каланадай. У такім выпадку прастора саду кампазіцыйна была звязана з архітэктурай манастыра і служыла месцам для адпачынку і малітвы. Часцей за ўсё тут высаджваліся дэкаратыўныя расліны і невялікія дрэвы, кусты, аднак вельмі частай з’явай было і вырошчванне тут лекавых зёлак. У польскай мове для такога “ўнутранага” сада ёсць спецыяльны тэрмін – wirydarz (ад лац. viridarium – гай, парк, сад). Некаторыя ордэны мелі нават свае прадпісанні адносна арганізацыі такіх дэкаратыўных садоў. Напрыклад, статут ордэна бенедыктынцаў і каментарый да яго (850 г.) прадпісваў наступныя памеры такога саду: даўжыня кожнага боку прыкладна 30 м, дзве перакрыжаваныя дарогі і невялічкі пляц у цэнтры. Цэнтральным акцэнтам была невялікая студня, фантан, скульптура альбо большае па памерах дрэва. Пры кляштарах ствараліся таксама аранжарэі, расліны якіх упрыгожвалі касцёл.
Гаспадарчыя сады
Такiя сады маглі знаходзіцца як побач з манастыром, так і на значнай адлегласці ад яго, у прыналежных кляштару фальварках і вёсках. Часцей за ўсё яны арганiзоўвалiся з падключэннем водных рэсурсаў з мясцовых вадаёмаў. Сады маглі адрознівацца па змесце раслін, якія там культываваліся (напрыклад, садовыя дрэвы, кусты, лекавыя расліны – мята, шалфей, палын, размарын).
Як ужо адзначалася, разнастайнасць тыпаў садоў залежала ад характару ордэна і манастыра. У кляўзуровых манастырах (цыстэрцыянцаў, бенедыктынцаў, картузіянцаў) былі значна большыя па памерах будынкі і, адпаведна, сад і парк пры ім. Напрыклад, сад пры Бярозаўскім картузіянскім манастыры быў адным з элементаў манастырскага комплекса, які складаўся з касцёла, келляў, аптэкі, шпіталя, рэфекторыя, бібліятэкі, гаспадарчых пабудоў, абаронных умацаванняў. У 1818 годзе вакол манастыра цыстэрцыянак у Кімбараўцы быў “сад вялікі фруктовымі дрэвамі даўно засаджаны”. Сад прасціраўся да Прыпяці, аддзяляўся агароджай, а ўся кляштарная тэрыторыя была абнесена мурам. Нясвіжскія бенедыктынкі ў 1796 годзе мелі некалькі садоў: першы – каля будынку манастыра, з некалькімi “слаба ўраджайнымi” дрэвамi; другі – “сад абшырны каля двух моргаў (морг – адзінка вымярэння плошчы ў сістэме мер Вялікага Княства Літоўскага; 1 морг раўняўся 0,71 га. – Рэд.) плошчы, у якім штогод высаджвалася розная гародніна, агароджаны”; трэці – агароджаны парканам з брамай, з невялiкай колькасцю фруктовых дрэваў, са спецыяльным памяшканнем з адной каморай і шклянымі вокнамі да зямлі для захоўвання “далікатных дрэўцаў і кветак”. Пры ім памяшканне для кансервацыі розных фруктаў і невялікі склеп для складзіравання і нарыхтоўкi зеляніны зімовай парой. Якiя дрэвы вырошчвалi ў садзе? Яблынi – 14 штук, 4 грушкi, 20 вішань, 6 ляўконій, 5 апельсінавых дрэвак, 105 розных малых саджанцаў, 20 слівак. У дакументах адзначаецца і разнастайны інвентар для садоўніцтва.
Гарадзішчанскія бенедыктынкі мелi фруктовы сад памерам каля 5 моргаў зямлі, агароджаны мурам, з маладымi дрэвамi, якіх налічвалася каля 500 штук. Там жа быў высаджаны шэраг ліп у дзве лініі пад вуглом 900. Лепшыя ўчасткі ў садзе засейваліся зелянінай. Таксама там знаходзілася паветка, дзе захоўваліся інвентар і насенне. У паўднёвай частцы знаходзіўся парнік.
Побач, у гарадзішчанскіх бенедыктынцаў на прыкляштарнай тэрыторыі размяшчаўся “сад фруктовы, плошчай 5 моргаў, падзелены на 3 часткі, агароджаны. У ім наступныя пабудовы: драўляная лядоўня для захоўвання піва, мураваная лядоўня для захоўвання мяса, маючая наверсе альтанку для захоўвання гародніны, асобна паветка для складу гародніны”.
Сады былі і пры тых манастырах, якія існавалі ў гарадах. Так, касцёл і кляштар дамініканцаў у Мінску знаходзіліся ў раёне Высокага рынку. Пляц, на якім быў пабудаваны комплекс, меў плошчу 1,44 га. Да будынкаў комплексу адносіліся мураваныя касцёл і кляштар, драўляныя гаспадарчыя будынкі: дзве прыбудовы, стайня, свіран, студня і іншыя. У паўднёва-заходняй частцы пляца знаходзіўся сад. Комплекс быў агароджаны высокім мурам з вялікай уяздной брамай. Бенедыктынскі касцёл у Мінску знаходзіўся пры вулiцы Зборавай. Да яго заходняй сцяны далучаўся будынак кляштара, вакол якога размяшчаўся сад. У 1804 годзе ў акце візітацыі адзначаецца “агарод ад вуліцы Зборавай, ад яго сцежка ў сад, які ад агароду плотам аддзелены, у садзе розных фруктовых дрэў да паўтараста штук”. Акрамя гэтага былі яшчэ два “малыя сады” (унутраныя).
Прадукцыя садоў накіроўвалася пераважна на “ўнутраныя” патрэбы кляштара ці плябаніі. З садавіны гатавалi наліўкі, піва, варэнне.
Вырошчвалiся і зёлкі. Яны спажываліся не толькі насельнікамі манастыра. Напрыклад, у Глыбокім мясцовыя манахі ордэна босых кармелітаў пры сваім кляштары ўтрымлівалі “публічную” аптэку, дзе вырабляліся лекі і з вырашчанай у манастырскім садзе сыравіны.
Аднак у выніку двух паўстанняў, якія адбыліся ў ХІХ ст. – 1830–1831 і 1863–1864 гадах – расійскія ўлады закрылі практычна ўсе каталіцкія манастыры на беларускіх землях. Часткова традыцыя манастырскага садоўніцтва адрадзілася на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд (1921–1939), аднак падчас нямецкай акупацыі і ў пасляваенны час яна таксама была ліквідавана.
Батанічныя сады пры школах
Каталіцкай царкве ў пачатку ХІХ ст. належала большасць вышэйшых, сярэдніх і пачатковых навучальных устаноў на тэрыторыі Беларусі. Пры шэрагу з іх для дапамогі ў адукацыйным працэсе ствараліся батанічныя сады. Многім вядома імя Станіслава Юндзіла (1761–1847) – святара з ордэна піяраў, прафесара батанікі і заалогіі ў Віленскім універсітэце. У 1785 годзе ў Шчучыне, працуючы ў школе піяраў, ён увёў курс батанікі і заснаваў батанічны сад, дзе высадзіў тыя віды раслін, якія павінны былі не толькі аздабляць манастырскую тэрыторыю, але і дапамагаць у навучальным працэсе.
Унёсак манахаў у развіццё садоўніцтва
У бургундскім манастыры цыстэрцыянцаў была выведзена вядомая сёння шэрая ранетка. Паколькі ордэны з’яўляліся міжнацыянальнымі і міждзяржаўнымі арганізацыямі, перамяшчэнні манахаў адбываліся не толькі ў межах адной краіны, але і па-за мяжу. Таму, напрыклад, прыехаўшы ў адну краіну з іншай, манах заўсёды прыўносіў штосьці новае і ў гаспадарку кляштара. Так, у Сандамірскі (Польшча) кляштар дамініканцаў прыбыўшы туды з Італіі прыёр упершыню прывёз саджанцы грэцкіх арэхаў, якія і пачалі там культывавацца.
Выкарыстанне спадчыны
Да сённяшняга дня ў самым цэнтры Вільнюса знаходзіцца адзін з найбольш вядомых паркаў у горадзе, які здаўна з’яўляўся ўласнасцю віленскіх бернардзінцаў. Сёння бернардзінскі парк – гэта агульнадаступнае месца адпачынку. Гісторыя парка пачынаецца яшчэ ў 1469 годзе, калі Казімір Ягелончык запрасіў у Вільню манахаў- бернардзінцаў. Яны пабудавалі там свой касцёл, кляштар і побач разбілі сад. Так традыцыйна гэты сад стаў называцца бернардзінскім. Акрамя ўласна садоўніцтва, бернардзінцы займаліся там піваварэннем (мелі там свой бровар), гатавалі мёд (алкагольны напой), вырошчвалі лекавыя расліны. Каб захаваць памяць пра мінулае сада, была створана спецыяльная экспазіцыя з лекавымі травамі, а таксама раслінамі, якія выкарыстоўваюцца для прыпраў і гарбаты. Акрамя таго, там можна паглядзець ранейшыя паркавыя элементы: альпінарый, пруд, бельведэрскую горку, фантаны і інш. Асаблівая прастора ў парку – гэта Батанічны сад, які нагадвае той, што існаваў у XVIII ст. – адзін з найвялікшых ва Усходняй Еўропе.
Раiса ЗЯНЮК,
Iнстытут гiсторыi НАН Беларусi